СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ШКО́ЛЫ,

закрытыя навучальна-выхаваўчыя ўстановы для дзяцей і падлеткаў 11—14-гадовага ўзросту, якім патрабуюцца асаблівыя ўмовы выхавання. Прызначаны для выпраўлення, сац. рэабілітацыі, прадаўжэння агульнаадук. і прац. навучання непаўналетніх правапарушальнікаў. У С.ш. накіроўваюць падлеткаў паводле рашэння судоў у выпадку ўчынення імі небяспечных дзеянняў або сістэматычных парушэнняў правіл грамадскіх паводзін. Навуч.-выхаваўчая работа ў С.ш. грунтуецца на прынцыпах спалучэння агульнаадук. падрыхтоўкі з грамадска карыснай працай паводле вучэбных планаў і праграм, зацверджаных Мін-вам адукацыі. Ва ўстановах забяспечваецца строгі распарадак дня, кругласутачны нагляд і кантроль за паводзінамі выхаванцаў, які выключае магчымасць іх свабоднага выхаду за межы ўстановы. Мэтанакіраваная арганізацыя жыцця падлеткаў садзейнічае развіццю сацыяльна карысных інтарэсаў і схільнасцей асобы. Гуманныя адносіны да кожнага выхаванца спалучаюцца з высокай патрабавальнасцю і дысцыплінай. Падлеткаў выпускаюць са С.ш. паводле рашэння камісіі па справах непаўналетніх на падставе прапановы пед. савета. Навучэнцы, якія не выправілі сваіх паводзін, па дасягненні імі 15-гадовага ўзросту могуць быць пераведзены ў спецыяльныя прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. На Беларусі дзейнічае Магілёўская С.ш.

т. 15, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)